ШТРЫХАВЫ́ КОД (ад ням. Strich паласа, рыса + код), міжнародны код тавараў,

код (візуальны сімвал, умоўны відарыс) літарна-лічбавай інфармацыі, выкананы ў выглядзе чаргавання кантрастных штрыхоў і прамежкаў (прагалаў) рознай шырыні. Выкарыстоўваецца для маркіроўкі тавараў, аўтаматызацыі паштовых паслуг (адпраўленняў), уліку дакументаў і наяўных грашовых банкнот у банках, для аўтам. ідэнтыфікацыі розных аб’ектаў, спрацоўвання (уключэння, адключэння, блакіроўкі) замковых прыстасаванняў тэхнал. абсталявання і інш.

Ш.к. (лінейны) распрацаваны ў 1932, выкарыстанне пачалося з пашырэннем выліч. тэхнікі. Прамысл. стандарты штрыхавога кадзіравання прыняты ў 1973 у ЗША і Канадзе (стандарт UPC), у 1976 у Еўропе (стандарт EAN). У краінах Еўропы і Амерыкі з’явіліся нац. асацыяцыі (арганізацыі) кадзіравання тавараў. Найб. пашыраныя стандарты штрыхавой сімволікі: EAN, UPC выкарыстоўваюцца для ідэнтыфікацыі спажывецкіх тавараў, у рознічным і аптовым гандлі; Code 39, Interleved 2 of 5 — пераважна ў прам-сці; Codabar — у асн. у мед. прам-сці, банках пералівання крыві; ISSN, ISBN — у выдавецка-кнігагандлёвай і бібліятэчнай справе. З уступленнем у Еўрап. асацыяцыю EAN нееўрапейскіх дзяржаў сістэма атрымала міжнар. статус. У ёй 13 лічбаў. першыя 2 ці 3 паказваюць краіну-вытворцу (код Беларусі 481, Расіі 460—469, Польшчы 590, Германіі 400—440, ЗША і Канады 00—09, Турцыі 869, Кітая 690—691), наступныя 5 — прадпрыемствы, наступныя 5 — тавары і апошняя лічба — кантрольная. Карыстанне Ш.к. забяспечваюць прыстасаванні: друкавальнае (прынтэр, наносіць код на этыкеткі), счытвальнае (сканер, счытвае і дэкадзіруе штрых-кодавую інфармацыю), тэрмінальнае (збірае і апрацоўвае інфармацыю). Сусветны лідэр у распрацоўцы і вытв-сці абсталявання для штрыхавога кадзіравання — шведскі канцэрн UBI.

Б.​В.​Корзун.

Штрыхавы код EAN-13 ідэнтыфікацыі тавараў.

т. 17, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)